21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Ён быў абвешчаны UNESCO 6 гадоў таму. З ініцыятывай увесці такі дзень выступіў Бангладэш. 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі пяць студэнтаў.
У нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля захавання іх, тых, што зьнікаюць, UNESCO і абвясціла дзень роднай мовы - каб хоць аднойчы на год на іх загаварылі, пра іх успомнілі. Але, здаецца, гэта нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова.
Няхай нават сёньня яна - моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць.
21 лютага - яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам.
Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе - павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія пад спіс апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе - значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае сьвята.
Хто б ты ні быў - жанчына ці мужчына, дарослы ці малады, селянін, студэнт, рабочы, настаўнік, вайсковец, інжынер ці бізнесовец - ведай, што найлепшы твой твар, вопратка твая, душа твая - беларуская мова.